Выкарыстанне элементаў музейнай педагогікі ў фарміраванні асобы навучэнца

На базе дзяржаўнай установы адукацыі “Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” адбылося чарговае пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання педагагічных  работнікаў, якія  выконваюць  функцыі кіраўнікоў музеяў па тэме “Выкарыстанне элементаў музейнай педагогікі ў фарміраванні асобы навучэнца”. Дарэчы, на базе гэтай установы адукацыі працуе два музеі, адзін з якіх перададзены з дзяржаўнай установы адукацыі “Варанчанская базавая школа” пасля ліквідацыі. Дзякуючы намаганням адміністрацыі ўстановы адукацыі і кіраўніка музея Дзмітрыя Алексіевіча, гісторыка-краязнаўчы музей “Наша памяць” захаваў свой каларыт і адметнасць.

Удзельнікі метадычнага аб’яднання мелі магчымасць пазнаёміцца з экспанатамі музея праз арганізаваную актывам музея і кіраўніком гісторыка-краязнаўчага музея “Працоўнай і баявой славы” Людмілай Шайбак віртуальную экскурсію “Бабулін куфэрак” і наведаць экспазіцыю “Беларуская хата” у музеі “Наша памяць”.

Віртуальная экскурсія была прысвечана побыту нашых продкаў. Гаворка ішла перш за ўсё пра вышыўку і адзенне. Экскурсанты ў беларускіх нацыянальных касцюмах пазнаёмілі з гісторыяй стварэння куфэркаў, іх відамі і прызначэннем, напаўненнем  куфэркаў (ручнікі, сарочкі, безрукаўкі, спадніцы з сукна, хусткі, паясы, карункі і настольніцы, фартухі, скруткі палатна, сурвэткі і інш.). Экскурсанты апавядалі пра прыкметы і павер’і, звязаныя з паясамі і ручнікамі. Для вучняў праведзена віктарына, дзе кожны меў магчымасць глыбей пазнаёміцца з культурай беларускага народа.

У “Беларускай хаце” гасцей сустрэлі гаспадар і гаспадыня, запрасілі ў сялянскую хату. У музеі ўзноўлены інтэр’ер  традыцыйнай сялянскай хаты, маюцца прадметы музейнага фонда, якія даюць уяўленне пра гаспадарча-побытавую і працоўную дзейнасць нашых продкаў. Гаспадары пазнаёмілі з прызначэннем сельскагаспадарчых прылад, з гліняным посудам, з прызначэннем печы, з пачэсным месцам у хаце – покуцем.

У ходзе пасяджэння былі абмеркаваны пытанні музейнай педагогікі, як базавай састаўляючай сучаснага музея, аб выхаваўчым патэнцыяле экспазіцый музея ўстановы адукацыі. З’яўляючыся раённым рэсурсным цэнтрам па тэме “Фарміраванне маральнай самасвядомасці асобы навучэнцаў сродкамі інтэрактыўных метадаў выхавання”  установа адукацыі падзялілася вопытам па духоўна-маральным выхаванні вучняў сродкамі музейнай педагогікі.

Як вынік работы метадычнага аб’яднанання былі выпрацаваны рэкамендацыі па ўдасканаленні сістэмы патрыятычнага выхавання як галоўнай злучальнай выхаваўчага працэсу з выкарыстаннем патэнцыялу музея ўстановы адукацыі. Пры падвядзенні вынікаў работы метадычнага аб’яднання адзначана практычная накіраванасць і эфектыўнасць падрыхтоўкі  мерапрыемства.