В Кореличском районе стартовала акция “Наши дети”

Дзявятага снежня па ўсёй краіне пачалася штогадовая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», прысвечаная самаму чароўнаму святу – Новаму году. У Карэлічах вучняў малодшых класаў сабраў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе іх чакалі шматлікія гульні і тэатралізаваныя прадстаўленні.

Першым крокам у святочнай урачыстасці стала наведванне рэзідэнцыі Дзеда Мароза, якая размясцілася на першым паверсе. Пакуль галоўны герой Новага года сядзеў на троне, яго ўнучка ладзіла з дзецьмі вясёлыя і энергічныя танцы. Працягнулася мерапрыемства афіцыйным адкрыццём акцыі “Нашы дзеці” і словамі намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыні РА РГА “Белая Русь”, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Руслана Абрамчыка.

– Сёння мы з вамі распачынаем марафон добрых і цікавых падзей, якія працягнуцца да дзясятага студзеня. Разам з прадстаўнікамі раённай вертыкалі ўлады, творчымі калектывамі і проста неабыякавымі людзьмі мы зробім усё, каб пераднавагодняе чаканне стала для вас прыемным дадаткам да навагодняй ночы. Але наперадзе ячшэ тры тыдні, якія вы павінны правесці так, каб Дзед Мароз абавязкова спраўдзіў ваша самае патаемнае жаданне, – сказаў Руслан Абрамчык.

Таксама ў рамках акцыі “Грамадскія аб’яднанні – дзецям” ад імя РА РГА “Белая Русь” намеснік стыршыні райвыканкама уручыў дырэктару Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ларысе Карась прыемны падарунак, які ў цэнтры чакалі не адзін год. Вакальная радыёсістэма стане добрым памочнікам для педагогаў і дзяцей пры правядзенні мерапрыемстваў.

Чарговы раз нагадаць аб тым, што ў снежні ніхто не павінен застацца без увагі, прыйшла начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру»  Ірына  Асташэвіч. Яна адзначыла, што на ўсіх ранішніках, якія ў Карэліцкім раёне пачнуцца з дваццаць шостага снежня, кожны з рабят атрымае вялікі салодкі падарунак, без якога ўвогуле немагчыма ўявіць Новы год.

– Калі я была прыкладна ў тым узросце, што і вы, я вельмі марыла пра белыя канькі, – падзялілася прыемным успамінам Ірына Валер’еўна. – І ведаеце, праз два гады Дзед Мароз усё ж такі пачуў мяне і зрабіў той самы падарунак… Таму верце, марце – і ўсё абавязкова здзейсніцца!

Варта адзначыць, што напярэдадні Новага года святочны настрой ствараюць не толькі дарослыя для дзецей, але і дзеці для дарослых. Удзельнікі валанцёрскіх калектываў, створаных ва ўсіх школах і гімназіях, будуць віншаваць пажылых людзей: у творчых майстэрнях дзеці будуць рыхтаваць паштоўкі, а падчас канікул яны пастараюцца не абмінуць увагай кожнага, хто мае ў гэтым патрэбу.

Пасля віншаванняў і шчырых слоў маленькіх удзельнікаў свята чакалі казачныя героі з Беларускага гульнёвага тэатру роставых лялек “Dolls for all”, якія падарылі ўсім не толькі добры настрой, але і галоўнае – веру ў цуды.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара